КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,
пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл. Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.А.Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.
Г.М.Сагановіч.
т. 8, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)